27.04.2017 Views

pARTisan_32

Create successful ePaper yourself

Turn your PDF publications into a flip-book with our unique Google optimized e-Paper software.

Вакол небывалага ўраджаю кружацца ўвасобленыя ў жаночых

целах савецкія нацыянальнасьці. Вобразы савецкіх беларусаў/ак,

савецкіх украінцаў/ак, грузінаў/ак і г. д. хваравіта ствараліся

на працягу 1930-х гадоў, у кантэксьце рэпрэсіяў па справах аб

«буржуазным нацыяналізьме», за кошт цэнзуры, самацэнзуры

й шчырага натхненьня мастакоў. У выніку намаганьнямі

прапаганды й мастацтва была створаная мадэль нацыянальнай

ідэнтычнасьці, якая лёгка сумяшчалася з савецкай імпэрскай 7 .

У пасьляваенны пэрыяд сацрэалістычнае мастацтва ўжо

адкрыта трансьлюе вялікадзяржаўныя сэнсы, спакаваныя ў

раскошную абалонку імпэрскага стылю. Таму невыпадкова

чарговасьць рэспублік вакол фантану не адпавядае іх

пасьлядоўнасьці на савецкім гербе: цэнтральнае месца ў

карагодзе Дружбы народаў займае калгасьніца РСФСР, якая

стаіць насупраць Галоўнага павільёну, а справа й зьлева ад яе

танчаць «малодшыя сёстры» — БССР і УССР. Паводле гэтай жа

лёгікі на УСГВ не было павільёну РСФСР — як піша У. Паперны,

яго ролю адыгрываў Галоўны павільён, «то бок РСФСР і СССР

для будаўнікоў выставы былі сынонімамі (прыгадаем, што

й у Саюзе архітэктараў не было расейскага аддзяленьня)» 8 .

Гэтак фантан «Дружба народаў СССР» трансьлюе

дзьве ўзаемавыключальныя ідэі — сацыялістычнага

інтэрнацыяналізму й савецкай імпэрыі, дзе Расея займае

галоўнае й «гістарычна прызначанае» ёй месца. Калі дадаць да

гэтага савецкі парадокс архаікі ў мадэрнізаванай абалонцы,

да якога адсылае ўвасоблены ў кампазыцыі фантану

патрыярхатны й патэрналісцкі ідэал, то атрымліваецца, што

празь ягоную патэтычную вобразнасьць праступаюць два

«швы» сталінскай утопіі.

Іх наяўнасьць сьведчыць пра тое, што за ўсімі сымбалямі

й выявамі «Дружбы народаў» стаяла шматгадовая праца

па сшываньні ў суцэльную ўтапічную карціну ўнутраных

ідэалягічных супярэчнасьцяў, гісторыя рэпрэсіяў і набор

таталітарных мэтадаў вырашэньня нацыянальнага й

гендэрнага пытаньняў. Гэта збольшага тлумачыць, чаму

атрыманая карціна была настолькі сугестыўная, а яе клішэ

й аскепкі выкарыстоўваюцца ў постсавецкай палітыцы да

гэтага часу.

Фантан «Дружба

народаў СССР» як

галюцынацыя

Кажуць, што калі прыгледзецца, то на вяршыні Залатога

снапа можна заўважыць псылацыбінавыя грыбы. Сапраўды,

з снапа тырчаць наканечнікі дзідаў, якія нагадваюць мноства

востраканцовых грыбных шапачак. Думкі пра зьменены

стан сьвядомасьці навяваюць таксама шчодра й рытмічна

ўплеценыя ў сноп каноплі. Іронія гісторыі палягае ў тым, што

ў савецкай культуры гэтая расьліна кардынальна зьмяніла

сваё азначальнае. Калі ў сталінскі пэрыяд каноплі былі адной з

асноўных сельскагаспадарчых культур у СССР, то ў наступныя

гады яны былі абвешчаныя небясьпечным наркатычным

сродкам (у 1961 годзе СССР падпісвае канвэнцыю ААН аб

наркатычных сродках, у сьпіс якіх трапляе канабіс).

І невыпадкова ў гады позьняга «застою» для некаторых

контракультурных маладзёвых рухаў паленьне «траўкі»

становіцца сымбалічным жэстам, дэманстрацыяй свабоды ад

кантролю й калектывісцкай рыторыкі заняпалай дзяржавы.

У 1990-х матыў галюцынаторнай прыроды сацрэалізму й

сталінізму пачынае праточвацца ў мэйнстрым. У кіно шырокія

магчымасьці для дэканструкцыі, якія дае ахвотным фантан

«Дружба народаў СССР», актыўна задзейнічаў Васіль Пічул

(рэжысэр, усесаюзную вядомасьць якому прынесла жорсткая

сацыяльная драма «Маленькая Вера» (1988)). Магчыма, што В.

Пічул, як і я, быў зачараваны гэтым аб’ектам, у зьвязку з чым

той зьяўляецца ў некалькіх ягоных карцінах і сэрыялах запар.

У постмадэрнісцкім баевіку «Неба ў дыямэнтах» (1999) галоўны

герой, крымінальнік-рэцыдывіст і пісьменьнік-графаман

Антон Чэхаў, пад руляй пісталету прымушае выдаўца

апублікаваць раман «Вандроўнікі з сузор’я Валасы Веранікі»,

а закаханая ў яго напаўзвар’яцелая дзяўчына-кампазытар

стварае аднайменную опэру. Прэм’ера адбываецца на фоне

фантану: Іхціяндар і Аэліта сьпяваюць арыю пра тое, што

яны іншаплянэтныя брат і сястра, а на глядацкіх месцах

сядзяць выключна падразьдзяленьні АМАПу, якім дадзены

загад расстраляць бандыта-Чэхава. Ролю аб’екта ўтапічнага

жаданьня (ці Залатога снапа) тут адыгрывае атрутна-жоўтая

валіза з дыямэнтамі — як абноўлены сымбаль мары пра

багацьце, — вакол якой кружляе сюжэт зь перастрэлкамі,

гаваркімі трупамі й раскошай «наварускага» жыцьця. У фінале

ў кожнай «рэспублікі» зьяўляюцца рэактыўныя рухавікі, уся

скульптурная група зрываецца з ВДНГ і ракетай выносіцца

ў адкрыты космас. Прадказаньне КПСС пра канец гісторыі

спраўджваецца.

Так «трэція сэнсы», якіх усімі сіламі сталінскай культуры

імкнуліся пазьбегнуць стваральнікі фантану й бюракратычная

вэртыкаль, што зацьвярджала праект, пранікаюць у ягоную

шчыльную сымбалічную тканіну незалежна ад іхнай волі.

Больш за тое, эфэкт сэнсавага зруху мае каскадны характар —

варта ў думках зьмяніць сымболіку хоць адной дэталі, як увесь

прапагандысцкі комплекс ператвараецца ў галюцынацыю.

Гэтае непадкантрольнае блуканьне сэнсаў наводзіць на развагі

пра галюцынаторную прыроду любой прапаганды. Магчыма,

менавіта ў гэтым напамінку гістарычная місія фантану «Дружба

народаў СССР», раскошнага помніку сталінскай эпосе, які

сёньня павінен увайсьці ў энцыкляпэдыі й альбомы ўва ўсім

багацьці сьвядома й несьвядома закладзеных у яго сэнсаў.

Screens from Native Sings (1948), Kuban Cossacks (1949), A Sky in Diamantes (1999). From V. Ramanava archives

Кадры зь фільмаў «Родныя напевы» (1948), «Кубанскія казакі» (1949), «Неба ў дыямэнтах» (1999). З архіву В. Раманавай

77

8

Паперный В. Культура Два. С. 206.

7

Больш падрабязна гл.: Романова О. Как создавали

«советского белоруса»? Белорусский кинематограф в

борьбе с «буржуазным национализмом» (http://eurocafe.

by/lecture/2015/03/27/kak_sozdavali_sovetskogo_belorusa_

belarusskii_kinematograf_1930_kh_godov).

Hooray! Your file is uploaded and ready to be published.

Saved successfully!

Ooh no, something went wrong!